АРХО́НА-ЕНІСЕ́ЙСКІЯ НА́ДПІСЫ,
пісьмовыя помнікі цюркамоўных народаў 7—11 ст. Адкрыты ў канцы 17 — пач. 18 ст. ў вярхоўях Енісея і на р. Архон (Манголія). Дэшыфраваны і прачытаны ў канцы 19 ст. Зроблены т.зв. рунічным пісьмом на скалах, камянях, збудаваннях, асобных рэчах (эпітафіі, гіст.-біягр. тэксты, памятныя надпісы), захаваліся тэксты на паперы (юрыд. дакументы, рэліг. тэксты). Вядомы 7 груп архона-енісейскіх надпісаў: ленска-прыбайкальская (плямёны курыкан), енісейская (Кыргызскі каганат), мангольская (Усх.-цюркскі каганат), алтайская (Зах.-цюркскі каганат), усх.-туркестанская (Уйгурскі каганат у Манголіі), сярэднеазіяцкая (Уйгурская дзяржава ва Усх. Туркестане) і ўсх.-еўрап. (хазары і печанегі).
т. 1, с. 534
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)